ГОСЬЦЯ
Ты ўвайшла нечакана, ікліва.
Я пісаў і нічога ня чуў:
Ад гранёнага слова
шчасьлівы,
І ад роспачы слёзы ўваччу.
Ты ўвайшла і як сябру сказала:
- Добры дзень, кандыдыт на Парнас!
Ты прабач, на хвілінку з вакзала...
Ну як справы? Відаць, ужо ас?!
Прыгадала было здарэньне,
Толькі ў ім я сябе не пазнаў.
- Вось прывезла літроўку варэньня,
Гэта вішні, як ты заказаў.
І пайшла, і як воблака зьнікла,
Нават дзьверы ня рыпнулі ўсьлед.
Толькі білі гадзіньнікі звыкла
Ды літроўку разглядваў буфэт.
Хто яна, таямнічая госьця?
Я ня ўспомню, ня ўспомню ніяк!
Гэта сон, гэта мне падалося...
Слоік вішняў - пакутлівы знак.